top of page

Барысаўскі “тэт-дэ-пон”

У лютым 1812 года на чале двух запасных батальёнаў і мінёрнай роты падпалкоўнік М.Г.Сазонаў прыбыў у горад Барысаў для наладжвання абарончых работ.  Было вырашана на поўдзень ад вёскі Дымкі ўзвесці два рэдуты, а на левым баку Бярэзіны – перадмаставое ўмацаванне, ці на французскі манер “тэт-дэ-пон”. Ён уяўляў сабой умацаванне ў выглядзе двух рэдутаў, злучаных паміж сабой унутранай абарончай лініяй (рэтраншэментам). Фронт тэт-дэ-пона быў звернуты на заходні бок Маскоўскага тракта.

Так аказалася, што на момант нападу Напалеона на Расію гэтае ўмацаванне было адзіным у Барысаўскім павеце. На 25 чэрвеня, калі наступ Напалеона ўжо разгарнуўся, барысаўскія ўмацаванні яшчэ не былі гатовыя, не хапала ні людской, ні артылерыйскай падтрымкі, каб паспяхова абараняць горад. Калі 30 чэрвеня да Барысава наблізіліся французскія войскі і акружылі абаронцаў барысаўскага тэт-дэ-пона, кіраўнік апошніх палкоўнік А. Грэсэр даў загад адступаць. Перад гэтым гарматы, прымацаваныя да абарончых збудаванняў, былі знятыя, фураж і правіянт знішчаны, а асноўны мост праз Бярэзіну – спалены.

Пасля таго, як горад занялі французы, Напалеон загадаў знішчыць недабудаваныя ўмацаванні, але нечаканае з’яўленне рускіх кавалерыстаў спыніла гэту працу. Пасля да яе больш не вярталіся.

Вясной 1813 г. М.Г.Сазонаў са сваімі салдатамі зноў з’явіўся для аднаўлення барысаўскіх ўмацаваняў з прыцягненнем французскіх ваеннапалонных. Аднак сваё стратэгічнае значэнне яны згубілі назаўжды. З 1926 года паводле пастановы СНК БССР гэтыя земляныя збудаванні лічацца помнікам гісторыі, пра што сведчыць інфармацыйная стэла, пастаўленая тут ў 1985 годзе. У 2002 годзе тут з’явіліся дзве гарматы часоў вайны 1812 г.

Беларускі даследчык падзей 1812 г. Андрэй Лукашэвіч зазначае, што на сённяшні момант барысаўскі тэт-дэ-пон— найбольш захаваны помнік фартыфікацыі пачатку ХІХ стагоддзя ў Беларусі.

Увогуле, вайна 1812 года—знакавая падзея ў гісторыі горада. І горад дагэтуль жыве ва ўспамінах французаў. Тыя, хто змог  пераадолець Бярэзіну, лічыліся на радзіме героям. У французаў слова “Бярэзіна” абазначае “катастрофу, безвыходнае становішча”, у немцаў-швейцараў – нечаканую непрыемнасць, рэзкі боль.

bottom of page