top of page

Барысаўскі замак

У 1776 годзе кароль Станіслаў Аўгуст падараваў Барысаўскі замак разам з зямлёю князю Міхаілу Радзівілу – апошняму магнату ВКЛ, які валодаў гэтым слаўным месцам. Міхаіл Радзівіл размясціў тут адміністрацыю і пачаў перабудову, якую ўзначальваў барысаўскі стараста Агінскі. Пад яго кіраўніцтвам замак ператварыўся ў велічную драўляную пабудову на высокім каменным падмурку. У добрым стане ён знаходзіўся да канца 18 стагоддзя.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Барысаў адышоў да Расійскай імперыі. Імператрыцай Кацярынай II было створана Менскае намесніцтва, у якім Барысаў  быў названы галоўным горадам Барысаўскага павета. Яшчэ 5 год горад заставаўся ў старостве князёў Радзівілаў. У пачатку 19 стагоддзя князь Міхаіл Радзівіл пакінуў замак і перасяліўся ў свой маёнтак, які знаходзіўся ў Стара-Барысаве.

Замчышча — гэта гераічнае і слаўнае месца, якое ўзнікла ў канцы 13-пачатку14 стагоддзяў. На ім адбілася безліч слаўных падзей, бо яно з’яўлялася цэнтрам горада. Памежнае становішча паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай рабіла яго пляцоўкай для бясконцых войнаў. Ад некалькіх месяцаў да году вяліся тут аблогі. Замак руйнаваўся і ажываў зноў і зноў.  Водны і сухапутны гандлёвыя шляхі рабілі горад буйным прамысловым цэнтрам. Відаць, таму ў 16 стагоддзі Папу Рымскаму сярод шасці найбольш значных і моцных гарадоў ВКЛ быў названы і Барысаў.

На працягу многіх стагоддзяў замак выконваў важную дзяржаўную функцыю. Да 1563 года ён з’яўляўся цэнтрам воласці, а пасля атрымання Барысавам Магдэбургскага  права ў 1557 годзе становіцца яшчэ і цэнтрам староства. 10 жніўня 1565 года горад набыў і свой герб, зацверджаны “Прывілеем”  Жыгімонта 11 Аўгуста. Герб уяўляў сабой белае (срэбнае) поле з гарадскімі варотамі з дзвюх вежаў, над якімі змяшчалася выява святога Пятра з ключом у правай руцэ. Права горада на самакіраванне падцвярджалася 4 разы: у 1577, 1595, 1640, 1792 гг.

Пасля таго, як князь Міхаіл Радзівіл ў 1798 годзе пакінуў замак, ён яшчэ некалькі гадоў быў месцам збору дваранскіх сходаў. Потым без гаспадара пачаў прыходзіць у заняпад. У другой палове 19 стагоддзя адна частка яго ператварылася ў каменную вязніцу, а на другой быў пабудаваны цудоўны летнік спадара Энгельфельта, які па сваёй знешняй прыгажосці і ўнутрананым убранстве пакояў, згодна меркаванняў даследчыка Шпілеўскага, не саступаў летнікам пецярбургскіх ваколіц. Гэтую частку вострава называлі “чарадзейным замкам”.

Сёння напамінам слаўнага мінулага служаць рэшткі абшчэрбленых сцен і шыльдачка з надпісам аб тым, што замчышча з’яўляецца гісторыка-культурным помнікам.

bottom of page