
Помнік экіпажу Паўла Рака
Экіпаж танка Т-34 пад камандаваннем Паўла Рака ў адзіночку на працягу 17 гадзін змагаўся з нямецкімі «тыграмі» і «фердынандамі», забяспечваючы пераправу асноўных сіл праз рэкі Сху і Бярэзіну. Гэта было 29 чэрвеня 1944 года пры вызваленні горада Барысава ...
Другому батальёну, у які ўваходзіў і узвод гвардыі лейтэнанта Паўла Рака, было даручана захапіць масты праз рэкі Сху і Бярэзіну, перашкодзіць фашыстам падарваць іх і, тым самым, забяспечыць пераправу асноўных сіл. Фашысты добра прыстралялі ўезд на мост. Былі падбіты усе савецкія танкі. Усе, акрамя аднаго...
Машыне Паўла Рака на высокай хуткасці ўдалося прарвацца праз мост у правабярэжную частку горада. Няроўны бой доўжыўся 17 гадзін. Мост быў узарваны, адступаць не было куды, як і чакаць хуткай дапамогі.
Першым жа стрэлам савецкі танк падбіў запоўнены гітлераўцамі бронетранспарцёр. Уцалелыя фашысты пад кулямётным агнём у жаху разбягаліся ў розныя бакі. Далей, знішчыўшы ўсе да адзінай гарматы, танкісты накіраваліся ў горад. Насустрач ім рухалася варожая аўтакалона. Ужо праз некалькі хвілін пра гэта нагадвалі толькі груды дрэва, металу ды трупы гітлераўцаў.
Можна было з чыстым сумленнем адыйсці ў лес, дачакацца сваіх. Экіпаж ніхто б за гэта не асудзіў. Але экіпаж танка — Аляксандр Пятраеў і Аляксей Данілаў аднадушна пагадзіліся са сваім камандзірам Паўлам Ракам змагацца да канца. І яны здзейснілі немагчымае...
Яны расправіліся з нямецкай камендатурай, знішчыўшы тэхніку і немцаў і пасеяўшы паніку сярод ворага (вораг не мог паверыць, што прычынай іх разгрому стаў адзін савецкі танк), а затым рушылі да барысаўскага шпіталю, дзе акупанты трымалі параненых чырвонаармейцаў. Ля шпіталя адважны экіпаж апынуўся менавіта ў той момант, калі фашысты збіраліся падпаліць людзей, зачыненых ў драўляных бараках. Каля 200 вязняў былі выратаваны і збеглі ў лес.
Смяротны бой з «тыграмі» і «пантэрамі» адбыўся ў 15 гадзін 30 хвілін, калі нашы танкісты перасякалі Мінскую шашу, накіроўваючыся насустрач савецкім войскам. Гераічны экіпаж вёў няроўны бой да апошняга. Нават калі танк ужо гарэў, цяжка паранены стралок-радыст Аляксей Данілаў працягваў перадаваць сваім дадзеныя аб ворагу... Усім траім было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Гераічны экіпаж: Павел Рак, Аляксей Данілаў і Аляксандр Пяраеў – пахаваны ў горадзе Барысаве.


