
Помнік князю Барысу
Горад Барысаў названы ў гонар яго заснавальніка – полацкага князя Барыса, які ў 1102 годзе ваенным паходам хадзіў на балцкае племя яцвягаў, а, вяртаючыся назад, заснаваў памежны гарадок, назваўшы яго “ў імя сваё”.
Князь Барыс з’яўляецца старэйшым сынам знакамітага Усяслава Чарадзея, родным дзядзькам Еўфрасінні Полацкай і татам яе сяброўкі і паплечніцы Еўпраксіі, пасаг якой пайшоў на пабудову царквы Святога Спаса ў Полацку ў 12-ым стагоддзі. Акрамя таго, князь Барыс даводзіцца праўнучатым пляменнікам знакамітаму кіеўскаму князю Яраславу Мудраму.
Падлеткавы ўзрост князя Барыса не быў спакойным. Разам з бацькам ён удзельнічаў у ваенных паходах і вучыўся ваеннаму майстэрству. Зведаў і пакуты зняволення ў кіеўскім порубе, што ледзь не каштавала яму жыцця.
Свой княжы пасад ён атрымаў у даволі сталым узросце і працягнуў палітыку бацькі па ўмацаванні Полацкага княства і распаўсюджванні хрысціянскай веры. У выніку свайго першага ваеннага пахода ў 1102-ім годзе ўвекавечыў сваё імя, заснаваўшы горад Барысаў.
Акрамя горада, памяць аб князі Барысе нясуць праз стагоддзі Барысавы камяні – каштоўныя помнікі эпіграфікі (навукі, што вывучае старажытныя надпісы). Дагэтуль нашчадкі гадаюць, з якой мэтай рабіліся надпісы. Некаторыя навукоўцы сцвярджаюць, што ў галодны год пры дапамозе надпісаў прасілі Госпада аб паратунку. А вядомы гісторык Мікола Ермаловіч меркаваў, што надпісы пакідалі як просьбы аб дапамозе ў час ваенных паходаў, бо знаходзіліся яны на полацка-балцкім памежжы. Усяго захавалася шэсць такіх камянёў. Самы вядомы цяпер знаходзіцца побач з Сафійскім саборам у Полацку. Да гэтага ён дзевяць стагоддзяў ляжаў за 5 вёрст ад горада ўніз па Дзвіне. Навакольныя вёскі называлі яго Барысам Хлебнікам і сцвярджалі, што на досвітку бачылі на ім бохан хлеба.
Да часу жыцця князя Барыса археолагі адносяць і прыбудову-ўсыпальніцу да Барыса-Глебскай царквы ў Бельчыцкім манастырскім комплексе, а таксама рэшткі яшчэ адной невядомай царквы ў Полацку, якая была разбурана некалькі стагоддзяў назад.
Помнік князю Барысу пастаўлены ў 2002 годзе на плошчы 900-годдзя горада Барысава, у гонар яго заснавальніка. Размешчаны побач са Свята-Уваскрасенскім саборам, у старой частцы Барысава – на месцы заснавання горада. Аўтарамі помніка з’яўляюцца скульптар А.Арцімовіч і архітэктары І.Марозаў і Я.Кавалеўскі. Помнік уяўляе сабой цікавую кампазіцыю: Барыс Усяславіч трымае ў руцэ меч, нібы хрысціянскі крыж, і адной нагой апіраецца на валун з падпісам “1102”. За спіной Барыса можна ўбачыць Анёла, які ахоўвае яго на нялёгкім жыццёвым шляху.


