
Помнік Люсі Чалоўскай
Люся Чалоўская – сувязная і разведчыца атрада Ф.Э.Дзяржынскага брыгады “Дзядзькі Колі” – была закатавана фашыстамі 6 лістапада 1943 года.
Яна скончыла 8-мы клас сярэдняй школы № 2 г.Барысава, калі пачалася вайна. Як и многія яе аднагодкі, не магла сядзець без справы ў час акупацыі. Стала членам камсамольска-маладзёжнай падпольнай групы. Разам з іншымі шукала і хавала зброю, распаўсюджвала лістоўкі, збірала звесткі аб размяшчэнні і перадыслакацыі нямецкіх войскаў. Здольнасць суразмоўцы давала магчымасць атрымліваць многа карыснай і важнай інфармацыі. Так яна даведалася, што пад нацыянал-працоўным саюзам новага пакалення для моладзі хаваецца фашысцкая арганізацыя, якая рыхтавала лазутчыкаў для дыверсій у тыле нашай арміі.
У лютым 1942 года, калі ў горадзе заставацца было ўжо небяспечна, Люся Чалоўская, а пазней і яе маці з малодшымі, падаліся ў лес, у атрад Ф.Э. Дзяржнскага брыгады “Дзядзькі Колі”. Люся стала разведчыцай. У бабулінай спадніцы і світцы хадзіла праз нямецкія пасты ў выглядзе сялянскай дзяўчынкі на сувязь з іншымі патрыётамі, несла ім заданні, збірала звесткі аб узбраенні і размяшчэнні нямецкіх часцей. Рабочым чыгункі, запалкавай фабрыкі, электрастанцыі несла міны для дыверсійнай работы. Некалькі разоў дастаўляла ў атрад бланкі пашпартаў з усімі пячаткамі, якія ёй перадаваў былы настаўнік, што працаваў падчас акупацыі ў пашпартным аддзеле. Аднойчы ёй давялося даставіць у лагер ваеннапалонных нажніцы, з дапамогай якіх перарэзалі калючы дрот і ўцяклі ў лес 50 чалавек.
У барацьбе ніколі не шукала адпачынку. Не паспеўшы вярнуцца з аднаго задання, адразу ж збіралася на другое. І так амаль 50 разоў. Непапраўнае здарылася 3 кастрычніка 1943 года, калі яе пазнаў на базарнай плошчы адзін з агітатараў нацыянал-працоўнага саюза, які ведаў, што яна партызанка. Катаванні працягваліся больш за месяц. Потым яе расстралялі ў двары турмы. Сабраўшы апошнія сілы, яна паспела крыкнуць, што мы не пераможныя і Радзіма адпомсціць за нашу смерць.
Так і сталася. Літаральна праз паўгода пачалася наступальная аперацыя нашай арміі, і ўжо ў першыя дні ліпеня родны горад сустракаў сваіх вызваліцеляў. Людміла Іванаўна Чалоўская пасмяротна ўзнагароджана двума ордэнамі Айчыннай вайны І ступені. Моладзь горада Барысава на заробленыя і сабраныя сродкі паставіла ёй помнік на цэнтральнай вуліцы горада па праекце архітэктара Г.Калюжнага ў выкананні скульптара С.Селіханава. Яе імем названа і адна з вуліц роднага горада.




