top of page

Свята-Уваскрасенскі сабор

Свята-Уваскрасенскі сабор у горадзе Барысаве з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 3-яй катэгорыі, якая занесена ў Дзяржаўны спіс нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сабор па праву можна назваць упрыгожваннем горада Барысава і яго візітнай карткай, цэнтрам праваслаўнага жыцця рэгіёна.

Свята-Уваскрасенскі сабор быў узведзены па праекце архітэктара Пятра Мяркулава ў другой палове 19-га стагоддзя. Закладка і асвяшчэнне яго адбылося 5 верасня 1871 года на месцы сабора,  узведзенага ў 1620-1648 гадах з дрэва і знішчанага пажарам. Будаўніцтва працягвалася 3 гады і скончылася 15 кастрычніка 1874 года. Грошы на яго пабудову, каля 50 000 рублёў, былі выдзелены ўрадам.

Гэты храм — помнік архітэктуры псеўдарускага стылю, выкананы з чырвонай цэглы. Ён цэнтрычны, крыжовы ў плане, з трыма апсідамі, завершаны 9 купаламі. Па вуглах даху над прыбудоўкамі і абсідай такія ж купалы меншых памераў.  Фасады яго багата аздоблены дэкаратыўнымі элементамі.

Крыжовыя скляпенні ўнутры на падпружных арках з арнаментальнай размалёўкай (выява Хрыста). У апсідзе—галоўны прастол у імя Уваскрасення Хрыстова. З  правага боку—прастол у гонар князя Аляксандра Неўскага, левы—у гонар князя Уладзіміра. У алтарнай частцы—тры дубовыя неафарбаваныя іканастасы. Галоўны 4-ярусны (24 абразы) і два прыдзельныя 1-ярусныя па 10 абразоў, аздобленыя пазалочанымі калонамі, карнізамі, разьбой, рамамі. Цікава, што сабор стаіць на забітых у зямлю дубовых сваях, бо грунтовыя воды блізка падыходзяць да паверхні ў гэтым месцы і размываюць яго. 

 У пачатку 20-га стагоддзя ў саборы налічвалася каля 6 000 прыхажан. Першым святаром Сабора быў Клімент Градзіцкі. Баючыся  рабунку, у неспакойны час святар загадаў пафарбаваць купалы ў блакітны колер. Толькі ў 2017 годзе, у час апошняй рэстаўрацыі, храму вернута першапачатковае аблічча.

bottom of page