Воданапорная вежа инжынера У.Р.Шухава
У Барысаве размешчаны ўнікальны помнік архітэктуры – адна з першых у свеце гіпербалоідных канструкцый – сталёвая ажурная сеткаватая вежа дзіўнай прыгажосці. Воданапорная вежа па вуліцы Энгельса пабудавана па праекце вялікага інжынера і вучонага Уладзіміра Рыгоравіча Шухава (1853–1939) у 1927 годзе для патрэб чыгункі. Такіх вежаў у свеце засталося 11 (усяго было больш за дзвесце, пабудаваных У.Р.Шухавым). Адной з самых вядомых “сясцёр” гэтай вежы з’яўляецца яго Шабалаўская тэлевізійная вежа ў Маскве. Да падобных канструкцый адносіцца і Эйфелева – у Парыжы, якая з’яўляецца ўлюбёным месцам і гасцей, і гаспадароў.
Барысаўская вежа вышынёй 27 метраў і пабудавана ў выглядзе гіпербалоіда з металічным бакам наверсе. Звонку бак абшыты дрэвам з невялікім балконам па крузе. Ад бака спускаецца шэраг труб, таксама абшытых дошкамі, а наверх вядуць стальныя вінтавыя ўсходцы. Гэтую гіпербалоідную канструкцыю Уладзімір Шухаў прыдумаў і запатэнтаваў сам. Унікальнасць яе ў тым, што вытанчаная, закругленая вежа пабудавана з прамых металічных прутоў, замацаваных не зваркай, а заклёпкамі. Цікава і тое, што канструкцыя збіралася на зямлі і падавалася наверх пры дапамозе ручной лябёдкі. Ад вежы ў бок чыгункі па падземным ходзе памерам 2,5 метры ўвышыню і 4 метры ўшырыню адыходзілі трубы, па якіх да паравозаў падавалася вада.
На жаль, сёння вежа не выкарыстоўваецца. Сюды не прыводзяць турыстаў. Яна старэе і пакрыху адыходзіць у нябыт. А так хочацца, каб хоць маленькая частачка прызнанасці вярнулася да гэтага ўнікальнага помніка канструктывізму.

