top of page

Вулiца iмя П.Р.Лапацiна

Пётр Рыгоравіч Лапацін з’яўляўся з сакавіка 1941 года  камандзірам разведвальна-дыверсійнай групы “Бывалыя”, што была закінута ў тыл для фарміравання партызанскіх атрадаў, затым  легендарнай партызанскай брыгады “Дзядзькі Колі”, якая знаходзілася каля возера Палік за 8 км. ад Барысава і спусціла пад адкос 132 ваенных эшалоны ворага, знішчыла і пашкодзіла 9 танкаў, 6 самалётаў, 77 паравозаў, 282 машыны. Абаронцы ўзарвалі больш за 1000 вагонаў і платформ, спалілі электрастанцыю, 8 мастоў і 32 склады, вызвалілі не адзін дзясятак ваеннапалонных. У 1945 годзе Пятру Лапаціну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, а ўдзячныя барысаўчане назвалі яго імем самую вялікую вуліцу старой часткі горада.

Шмат давялося перажыць брыгадзе “Дзядзькі Колі” вялікіх і малых блакад. Самымі жорсткімі і крывавымі былі аперацыі “Котбус” і “Баклан”. Першая праводзілася ў маі-чэрвені 1943 года, другая – праз год пасля яе. Першую аперацыю спыніла бойка на Курскай дузе, другую – наступальная аперацыя Чырвонай Арміі “Багратыён”. Варта аздзначыць, што партызаны, нават знаходзячыся ў акружэнні, не спынялі актыўных дзеянняў па знішчэнні ворага.

Неардынарнай у дзейнасці брыгады стала аперацыя па перавярбоўцы нямецкага афіцэра  ВПС цэнтральнага штаба обер-лейтэнанта Карла Круга. Унікальнасць яе яшчэ і ў тым, што рашаючую ролю тут адыграла каханне нямецкага афіцэра да простай беларускай дзяўчыны Веры Табалевіч.

Менавіта Круг перадаў звесткі аб падрыхтоўцы аперацыі “Цытадэль”, што пасля атрымала назву бітвы на Курскай дузе, якую гісторыкі лічаць пераломнай ва ўсёй Вялікай Айчыннай вайне. Ужо ў мірны час, ацэньваючы вынікі вайны, маршал А.М.Васілеўскі пісаў, што дзякуючы Кругу  “… мы добра падрыхтаваліся да бойкі…”, якая на працягу 200 км, ад Арла да Белгарада,  доўжылася 49 дзён!

А Вера і Карл, апынуўшыся ў Маскве ў тым жа 1943-ім,  сапраўды ўзялі шлюб. Праз год у іх нарадзілася дачка. Пасля вайны сям’я пераехала ў Берлін.

Пётр Рыгоравіч Лапацін пасля вызвалення Барысава застаўся ў якасці намесніка старшыні гарвыканкама. Памёр 9 ліпеня 1974 года. Пахаваны на брацкіх могілках у вёсцы Будзенічы. 

bottom of page