top of page

Адной з важнейшых  задач сучаснай школы з’яўляецца выхаванне высокай духоўнасці, маральнасці асобы, гатоўнасці авалодаць культурнымі агульначалавечымі дасягненнямі, а таксама развіццё здольнасці захоўваць і творча памнажаць нацыянальную спадчыну.  Краязнаўчая і этнаграфічная дзейнасць даюць магчымасць навучэнцам глыбей пазнёміцца з родным краем, мінулым сваёй краіны, пачынаючы з малой радзімы, далучыцца да культурных, духоўна-маральных, працоўных традыцый нашага народа. З дапамогай вывучэння прадметаў народнага побыту, святаў беларускага народнага календара фарміруецца сістэма ўяўленняў і поглядаў асобы, з’яўляецца ўнутраная патрэба ў спазнанні гісторыі сваўго роду, сям’і, народа, прадаўжэнні культурных і працоўных  традыцый беларусаў.

З кожным годам усё менш становіцца носьбітаў вясковай беларускай культуры, знікаюць традыцыі і прадметы побыту, якія былі звыклыя для беларусаў яшчэ не так даўно, у сярэдзіне XX стагоддзя. Праца па захаванні матэрыяльных  і духоўных нацыянальных каштоўнасцей даўніны вядзецца, але неабходнасць удзелу ў такой працы маладых відавочная. Традыцыйная культура, як правіла, успрымаецца маладым пакаленнем  як далёкая ад сённяшняга жыцця, малапрывабная і непатрэбная рэальнасць.Менавіта такая праблемная сітуацыя, што ўзнікла ў нашым грамадстве, і натхніла калектыў школы на стварэнне Цэнтра традыцыйнай культуры для таго, каб злучыць актуальную культуру, у якой жывуць сёння нашы вучні і іх бацькі, з традыцыйнай.
Цэнтр адкрыўся ў снежні 2013 года. Сёння ён налічвае больш за 150 экспанатаў. 
Экскурсіі на тэму “Ад народных вытокаў праз творчасць – у будучыню” праводзіць група экскурсаводаў, якая складаецца з вучняў 9-10 класаў. 
У цэнтры некалькі тэматычных экспазіцый: Ручнікі”,  “Нацыянальнае адзенне”, “Вязанне”, “Вырабы з дрэва”,  “Ганчарныя вырабы”, “Прадметы хатняга ўжытку”, “Прылады працы.
Культурна-адукацыйная работа цэнтра, арыентаваная на дзіцячую аўдыторыю, мае шэраг асаблівасцей. Галоўная з іх – выкарыстанне рэсурсаў цэнтра ў вучэбна-выхаваўчым працэсе. У цэнтры ладзяцца экскурсіі, урокі-экскурсіі, гасцёўні, конкурсы, акцыі, праводзяцца святы народнага календара, мерапрыемствы, прысвечаныя памятным датам і юбілеям.
Цэнтр традыцыйнай культуры адкрывае магчымасці для вывучэння не толькі этнаграфіі і краязнаўства, але і многіх школьных прадметаў. І ў першую чаргу беларускай мовы і літаратуры, таму што менавіта нацыянальная мова і літаратура з’яўляюцца тым культурна-гістарычным асяроддзем, якое фарміруе духоўную культуру вучняў. Так, напрыклад, немагчыма ўявіць без экспанатаў цэнтра ўрокі беларускай мовы па тэмах “Устарэлыя словы”, “Сінонімы”. Яны могуць ужывацца ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу для разнастайных тэкстаў культуралагічнай тэматыкі, якія прапануюцца ў падручніках па беларускай мове з мэтай вывучэння нацыянальна маркіраваных адзінак мовы. Напрыклад, тэксты ў падручніку “Беларуская мова “для 6 класа Лапці”,  “Павець” ( пр. 6), “Дзяды” (пр. 470), “Чалавек – каваль свайго шчасця” (пр. 95). і інш.
Як наглядныя дапаможнікі матэрыял цэнтра можа выкарыстоўвацца на ўроках беларускай літаратуры пры вывучэнні беларускіх народных казак, загадак, прыказак і прымавак,   паэм Канстанціна Вераніцына Тарас на Парнасе і  Якуба Коласа Новая  зямля “ (раздзелы “Леснікова пасада”, “Раніца ў нядзельку”, “Дарэктар”), эсэ Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі” (раздзелы “Просім у хату, госцейкі нашы”, “Куфар жыцця”, “Каля хаты ў садочку”), у іншых творах на гістарычную тэматыку.
Дарэчным з’яўляецца выкарыстанне экспанатаў цэнтра на ўроках  па прадметах “Мастацтва” (5-6 класы) пры вывучэнні тэмы “Чалавек і праца”  і    “Мая радзіма -  Беларусь” (4 клас) па тэмах “Нашы продкі”, “У краіне майстроў”.
Настаўнікі гісторыі могуць праводзіць у цэнтры ўрокі-экскурсіі для вучняў 6, 7, 8 класаў пры вывучэнні   тэмы “Духоўная і матэрыяльная культура беларусаў”.
Розныя прадметы хатняга ўжытку, а таксама прылады працы, прадметы ткацтва, узоры вышыўкі, вязання з поспехам выкарыстоўваюць настаўнікі на ўроках працоўнага навучання, што дае ім магчымасць не толькі вывучаць, але і працягваць культурныя і працоўныя традыцыі продкаў.
Рэсурсы школьнага цэнтра традыцыйнай культуры маюць неабмежаваныя магчымасці ў арганізацыі навучання і выхавання вучняў. А выкарыстанне гэтых магчымасцей залежыць ад творчага патэнцыялу настаўнікаў.

bottom of page