top of page

Добры дзень, паважаныя сябры! Мы рады вітаць Вас у цэнтры традыцыйнай культуры.

Гэты цэнтр адкрыўся нядаўна і ствараўся з мэтай захаваць, адрадзіць і прадоўжыць традыцыі матэрыяльнай і духоўнай спадчыны нашага народа.

А спадчына гэта – народныя звычаі, побыт і культура, якія складваліся на працягу вякоў на Беларусі.

Нам засталася спадчына багатая і разнастайная, цікавая і загадкавая. Таму той, хто хоча зразумець дух свайго народа, павінен ведаць яго вытокі.

Спадчына можа навучыць нас цаніць вечнае, духоўнае. І нам неабходна вяртаць і адраджаць страчанае.

Таму дэвіз нашага цэнтра: “Ад народных вытокаў праз творчасць – у будучыню”.

Аздоблены расой

Ручнік – жыцця аздоба.

На ім не раз хлеб-соль

Сустрэнуць часам добрым.

 

Кранецца струн смычок,

Вяселле ўзрушыць хату, -

На грудзі праз плячо

Ручнік павяжуць свату.

 

У новы ўвойдуць дом,

Каб там пражыць да скону,

Як продкі, ручніком

Ахутаюць ікону.

 

Хто сэрцам не маўчыць,

З мінуўшчынай гаворыць,

Раскажуць шмат аб чым

На ручніку узоры.

 

Як родную зямлю,

У ранішнім тумане,

Да твару прытулю

Ручнік, сатканы мамай.

 

Патрэбна помніць нам:

Не вечныя тут людзі.

І зорны там туман

Ручнік нагадваць будзе…

 

Вы, напэўна, заўважылі, што сярод экспанатаў нашага цэнтра пераважаюць ручнікі. І гэта невыпадкова, таму што ручнік суправаджаў беларуса ад нараджэння да смерці.

На Беларусі ручнікі вядомы з глыбокай старажытнасці, з часоў з’яўлення ткацтва. Таму, сцвярджаюць гісторыкі і мастацтвазнаўцы, беларускі ручнік можна паставіць у адзін рад з фрэскамі егіпецкіх пірамід або з кельцкімі рунамі. Як зашыфрававаны ліст, ручнік змяшчае інфармацыю пра тое, як жылі людзі, як уяўлялі сабе свет, прыгажосць.

У кожным рэгіёне Беларусі ствараліся ручнікі, якія адлюстроўвалі светапогляд і асаблівасць гісторыі менавіта гэтай мясцовасці.

Цяпер ужо выпускніца нашай школы Каролік Анастасія пад кіраўніцтвам настаўніцы Цімашэнка Галіны Рыгораўны вывучыла асаблівасці вышыўкі ручнікоў крыжыкам ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і зрабіла вось такую адмысловую кампазіцыйную карту, з якой відаць, што фон ручнікоў Заходняга Палесся (Брэсцкая вобласць) пакрываўся вышыванай крыжыкамі клеткай з рамбічнымі ці квадратнымі буйнымі ячэйкамі.

Арнамент ручнікоў Цэнтральнага рэгіёна (Мінская вобласць) мае выгляд аднаго або двух бардзюраў, складзеных з рапортных паўтораў прамяністага ромба ці васьміпялёсткавай разеткі.

Для ручнікоў Падзвіння (Віцебская вобласць) характэрна гармонія паміж расліннымі геаметрызаванымі і геаметрычна-квітнеючымі формамі. Сустракаюцца на ручніках зоркі з квітнеючымі пялёсткамі. Фігуры размяшчаюцца ў  шахматным парадку ці адна пад адной.

На Панямонні (Гродзенская вобласць) вышыўка ручнікоў крыжыкам набыла значна большую папулярнасць, чым у Заходнім Палессі. Адметнасць тутэйшых вырабаў  -  вертыкальная  воссь сіметрыі; ва ўзорах, размешчаных у цэнтры палатна, прасочваецца паступовае ўзбагачэнне геаметрызаваных разетак з расліннымі элементамі.

Для вышыўкі ручнікоў Падняпроўя (Віцебская вобласць) характэрны бардзюры з ружаў, стылізаваных геаметрычных кветак, выяваў пеўня.

Ва Усходнім Палессі (Гомельская вобласць) арнамент ручнікоў складаўся з рамбічных матываў некалькіх відаў. Імі маглі быць прамяністы ромб , ромб з падоўжанымі канцамі, васьмівугольная зорка.

Вывучыўшы гэтыя каноны, вучаніцы нашай школы самі пачалі вышываць ручнікі. Першыя  з іх  вы можаце ўжо ўбачыць. Гэта ручнікі з вышыўкамі, якія характэрны для Міншчыны (праца Каролік Анастасіі), Магілёўшчыны (праца Капыток Святланы), Гродзеншчыны (Парфяновіч Дар’і), Гомельшчыны (Гурынай Дар’і), Брэстчыны (Даўгель Дар’і), Віцебшчыны (Лыскавец Наталлі).

На працягу стагоддзяў фарміраваўся і беларускі народны касцюм. Касцюмы шыліся для асобных падзей і рытуалаў у жыцці нашых продкаў. Вясельныя і шлюбныя, святочныя і паўсядзённыя, разнастайныя па геаграфічных асаблівасцях, беларускія народныя строі ўвасобілі любоў да роднай зямлі, мары пра  будучыню, талент жыць, майстэрства ствараць.

Сёння мы выбіраем колер адзення найперш з эстэтычных  і практычных меркаванняў.

Устаражытнасці колер і арнамент неслі ў сабе глыбокі сэнс і магічнае ўздзеянне на людзей і прыроду. Самыя распаўсюджаныя колеры ў арнаменце беларускага адзення – белы, чырвоны і чорны. Яны сімвалізуюць адзінства нараджэння, жыцця і смерці.

Вывучаючы гэтыя і іншыя элементы аздаблення нацыянальнага касцюма , нашы дзяўчаты імкнуцца ўвасобіць іх у сваім сучасным адзенні.

Да прыкладу, вось гэтая сукенка “Вытанчанасць”,  звязаная выпускніцай нашай школы Гесць Ксеніяй. Як бачым, сукенка белага колеру, ва ўзоры праследжваюцца элементы беларускага арнаменту. Аздабленне  – бела-чырвона-чорнага колеру. На раённай алімпіядзе ў 2011 годзе гэты выраб быў удастоены Дыплома 1 ступені, на абласной – Дыплома 3 ступені.  А вось гэтая сукенка “Славянка” з вышыўкай, характэрнай для некаторых рэгіёнаў Беларусі  ўдастоена  Дыплома 1 ступені на раённай алімпіядзе і Дыплома 2 ступені – на абласной.

Зараз аўтар вышэйназваных работ з’яўляецца студэнткай 3 курса  Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта, пасля заканчэння якога будзе дызайнерам адзення, і хочацца спадзявацца, што вось гэты першы свой вопыт выкарыстае ў далейшай працы, таму што гісторыя вельмі часта падказвае сучасным мадэльерам новыя цікавыя рашэнні, узоры, лініі, сілуэты.

Вельмі старажытным і пашыраным лічацца на Беларусі і дрэваапрацоўчыя рамёствы. Узніклі яны на пачатку чалавечай гісторыі, разам з вырабам прымітыўных прылад працы. У кожную археалагічную эпоху дрэва для беларусаў было найважнейшым матэрыялам, бо большую частку нашай тэрыторыі займалі лясы, і дрэва было самым даступным і танным матэрыялам. З дрэва будавалася жыллё і гаспадарчыя пабудовы, мэбля і іншыя прадметы хатняга ўжытку.

У нашай школе працуе творчы настаўнік Міхаіл Лявонцьевіч Маслоўскі, які натхнёна ўмее працаваць з драўнінай. Ён лічыць, што самым высокім відам мастацтва з’яўляецца народнае, таму што ўвасабляе яно ў сабе таленавітасць і геніяльнасць, духоўнасць і ўзнёсласць народа. Яго ўмелыя рукі даюць жыццё дзівосным прадметам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А самае цудоўнае ў гэтым настаўніку тое, што ён імкнецца перадаць сваё ўменне, свой вопыт дапытліваму і кемліваму народу – сваім вучням. Ён  імкнецца  развіць патаемную крыніцу дзіцячага таленту, навучыць самастойнай творчасці. І ёсць надзея, што яго пераемнікі будуць тварыць з дрэва прыгожае ў паўсядзённым жыцці, адраджаць і захоўваць гісторыка-культурную спадчыну. Як доказ – вось гэтыя вырабы з дрэва вучняў нашай школы:

  1. наборы для кухні  “Натхненне”, “Ладушка”, “Мара гаспадыні”Вясна”;

  2. хлебніца “Хатка”;

  3. столік для чайнай цырымоніі;

  4. дэкаратыўнае трумо;

  5. рамачкі для фотаздымкаў і інш.

Усе гэтыя вырабы удастоены высокіх Дыпломаў на алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях.

Дзень быў святы. Яшчэ ад рання

Блінцы пякліся на сняданне.

І ўжо пры печы з чапялою

Стаяла маці… Пад рукою

Таўкліся дзеці, заміналі,

Або смяяліся, спявалі.

Услон заняў сваё ўжо месца,

На ім стаяла дзежка цеста.

І апалонік то і дзела

Па дзежцы боўтаў жвава, смела.

 

Сёння кожнае дзіця свабодна растлумачыць, што такое блэндар ці міксер, тостар ці мультыварка. А вось уявіць, што такое дзежка і апалонік, чапяла ці ўслон часам бывае проста немагчыма. Таму што нават не ва ўсіх вясковых гаспадарках яны захававліся, не гаворачы ўжо пра гарадскія кватэры і дамы.

Менавіта пагэтаму экспанаты нашага цэнтра часта становяцца нагляднымі дапаможнікамі  на ўроках беларускай літаратуры. І тады зусім зразумелымі становяцца многія радкі, напрыклад, той жа самай паэмы “Новая зямля”:

А пад паветкаю прылады:

Вазок, калёсы, панарады,

Старыя сані, восі, колы,

І вулляў некалькі на пчолы,

Яшчэ някончаных, судзіна,

Стары цабэрак, паўасьміна.

 

Асабліва цікавымі бываюць урокі беларускай мовы, якія праводзяцца ў нашым цэнтры  пры вывучэнні тэмы “Устарэлыя словы”. Менавіта тут мы можам убачыць прадметы, якія ўжо не ўжываюцца ў побыце беларусаў і таму па назве нам вельмі цяжка ўявіць той ці іншы прадмет. Гэта :

Пралка – прадмет народнага побыту, прылада працы,  на якой пралі ніткі.

Прасніца – драўляная прылада для прадзення воўны, льняной і пяньковай кудзелі. Вядомы 4 асноўныя тыпы прасніц: лапатападобны, грэбень, вілы, кій. Вось прыклад лапатападобнай прасніцы. Яе рабілі з суцэльнага кавалка дрэва. Лопасць пад прамым вуглом устаўлялі ў днішча або ў адтуліну ў дрэве.

Карамысла – драўлянае прыстасаванне для нашэння вады на плячах.

Начоўкі (ночвы) – карытападобная пасудзіна з шырокім адкрытым верхам. Прызначаліся для мыцця бялізны, прыгатавання сечанай капусты , якую затым складалі ў бочкі, мяса для каўбас . Рабілі з драўлянага цурбана (асіны, ліпы), колатага папалам. Ёмістасць выдзёўбвалі цясляй, сценкі і дно ўнутры зладжвалі скобляй, разцом.

А вось пра дзяжу хочацца расказаць больш падрабязна.

Дзяжа (дзежка, хлебніца) – пасудзіна для заквашвання цеста, бандарскі выраб. Мела форму звужанай кверху шырокай бочачкі з накрыўкай. Выраблялася з  дубовых клёпак, часам з хваёвых. Дуб паскараў працэс квашэння і надаваў цесту лёгкі спецыфічны водар.

Функцыянальнае выкарыстанне дзяжы цесна звязана з культам хлеба і гэта абумоўлівала яе асаблівае значэнне сярод хатняга начыння і прадметаў ужытку. У інтэр’еры сялянскай хаты ёй адводзілі пачэснае месца: ставілі на покуці пад абразамі, накрывалі ручніком “набожнікам”. Яна выконвала важную ролю ў абрадзе вяселля. Благаслаўляючы на шлюб, нявесту з расплеценай касой пад гукі вясельных песень цырымонна садзілі на дзяжу (на пасад). Гэты агульнаславянскі звычай сімвалізаваў усупленне ў пару жыццёвай сталасці. На ўваходзінах (наваселлі) дзяжу ўрачыста ўносілі ў новы дом у якасці першых рэчаў.

 

Пранік -  пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім парылі, (пралі) бялізну пры мыцці, палотны пры адбельванні, ім таксама  абівалі лён, проса. На Беларусі вядомы з 11 стагоддзя.

Маслабойка  (бойка) – бандарскі выраб, пасудзіна для збівання масла.

Гарлач – ганчарны выраб для захоўвання малака і іншых вадкіх прадуктаў.

Берасцянка – невялікая бочачка з вочкам для захоўвання мёду, круп, прыпраў і іншых прадуктаў . Рабілі з берасцянога скрутка, канцы якога замацоўвалі фігурным злучэннем  “у замок”. Сценкі берасцянкі аздабляліся ціснёным узорам у выглядзе сеткі ці хваёвых лапак, трубачкай ці цвіком наносілі ланцужкі ўзораў з кружочкаў і кропак.

Вілкі – хатні бытавы (пячны) інвентар. Лакальная назва ўхваты. Паўкруглы жалезны рагач, насаджаны на доўгае драўлянае цаўё. Служыць лля падхвату чыгункоў, якія ставяць у печ або дастаюцць з яе. У інтэр’еры сялянскай хаты займае месца каля печы ў качарэжніку разам з чапялой і качаргой.

Кош – плеценая ёмістась розных памераў для захоўвання і транспарціроўкі сыпкіх і штучных рэчываў, пераважна харчовых прадуктаў. Кашы рознай формы рабілі з лазы, кары, каранёў.

Качалка  - прылада для разгладжвання тканіны..

Прас -  прылада для разгладжвання тканіны, якая прыйшла на змену качалцы. Награваўся вуголлем, якое бралася з печы.

Кадаўб – выдзеўбаная пасудзіна цыліндрычнай формы. Лакальныя назвы: кадоўб, калдуб, ліпаўка, дуплянка. Выраблялася з дуплістага ствала дрэва (вольхі, ліпы, асіны). Выкарыстоўвалася для захавання мукі, круп, збожжа. Калаўрот – самапрадка, прылада для механічнага прадзення лёну і воўны у хатніх умовах.

Качалка – прылада для раскаткі цеста.

Збіраемся мы ў нашым цэнтры традыцыйнай культуры і тады, калі адзначаем народныя святы , а дапамагае нам у гэтым вось такі адмысловы народны каляндар  , у аснове якога – чатыры сапраўды народныя святы – Вялікдзень, Каляды, Дзяды, Купалле. Гэтыя святы – натуральныя галоўныя вехі ў жыцці беларуса-земляроба. У іх асвечаны чатыры найбольш важныя кропкі: сонечнага раўнадзенства – Вялікдзень-Дзяды і сонцаваротаў – Каляды-Купалле. Такім чынам, каляндарныя святы і абрады беларусаў падпарадкоўваюцца гадавому вітку Зямлі вакол Сонца, калі апошняе дае вясновы росквіт прыродзе і замарожвае яго надоўга восенню, каб адрадзіць для новага жыцця наступнай вясной.

 

Галоўным сярод зімовых святак з’яўляюцца Каляды, з якіх пачынаецца язычніцкае святкаванне ў гонар зімовага сонцазвароту. На язычніцкае святкаванне каляднага сонцазвароту наслаіўся хрысціянскі рытуал нараджэння Хрыста – свята Раства, якое адзначаецца на Беларусі па каталіцкім грыгарыянскім новым стылі 25 снежня, а па праваслаўным юліянскім – 7 студзеня. Адпаведна па старым стылі з 13 на 14 студзеня захоўваецца і сустрэча Новага года, вядомага ў народе як Шчодрык. Заканчваліся зімовыя святы Вадохрышчам, якое да хрысціянства, відаць, было заканчэннем Каляд.

 

Старажытную сонечную адпаведнасць святочнага календара беларусаў сцвярджае і багацце веснавых свят: Стрэчанне. Масленка, Грамніцы, сярод якіх выключная адметнасць належыць Вялікадню. Відаць, у старажытнасці “ Вялікі дзень” быў сустрэчай Новага года па сонечным календары і святкаваўся ў дзень вясновага раўнадзенства. Але з пашырэннем хрысціянства быў прыстасаваны да свята ўваскрасення Хрыста – Пасхі - і стаў перасоўным  святам ад 4 красавіка да 8 траўня.

 

У ноч з 6 на 7 ліпеня ў гонар летняга сонцазвароту святкуецца найбольш маляўнічае, насычанае прыгожымі язычніцкімі звычаямі свята Купалле, дахрысціянская сутнасць якога засталася амаль некранутай да нашых дзён. Назва свята ў наш час  справядліва звязваецца з пакланеннем даўцу жыцця прыродзе – Сонцу, увасабленнем якога з’яўляюцца ачышчальныя купальскія вогнішчы. Лічыцца, што ў гэты час каляндарная вяршыня росквіту прыроды, бо ўжо “хутка Пятрок – ападзе лісток”. Яна вызывала і самую актыўную дзейнасць варожых прыродных сіл. Пазбегнуць гэтай  злой сілы людзям  дапамагаюць спрыяльныя сілы прыроды ў выглядзе “купальскіз зёлак” і дзяды (продкі), да якіх звяртаюцца з пытаннямі ў адпаведнасці з  традыцыяй беларусаў.

 

Таму невыпадкова, што галоўным святам наступнага каляндарнага перыяду – восені – з’яўляюцца Дзяды, бо яно адначасова сімвалізуе не толькі “смерць” прыроды, але і дзень, калі беларусы памінаюць усіх памерлых “дзядоў” (продкаў), асэнсоўваюць пражыты год, задумваюцца над сэнсам жыцця на аснове ўспамінаў аб добрых прыкладах родных, якія адышлі ў небыццё. Вось тут і ёсць галоўная, на нашу думку, ідэя існавання беларусаў на свеце – быць моцнымі розумам сваіх продкаў, узбагачацца іх жыццёвым вопытам, іх культурнымі традыцыямі.

bottom of page